Перайсці да зместу

Марыс Бон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыс Бон
Дата нараджэння 10 лютага 1920(1920-02-10)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 кастрычніка 1943(1943-10-13)[1] (23 гады) ці 17 кастрычніка 1943(1943-10-17) (23 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
ордэн Айчыннай вайны II ступені ваенны крыж 1939—1945 гадоў

Марыс Бон (фр.: Maurice Bon; 10 лютага 1920, Францыя — 17 кастрычніка 1943, Горацкі раён, Магілёўская вобласць) — ваенны лётчык французскага злучэння «Нармандыя-Нёман».

Нарадзіўся ў сям’і Ренэ Бона і Мары-Жанны Пелетэр у камуне Эльян дэпартамента Фіністэр, акруга Кемпер, кантон Канкарно ў Францыі. Быў найлепшым вучнем у школе і актыўным скаўтам. У 1937 годзе каля Кемпера з’явіўся аэраклуб, і Мaрыс запісаўся туды першым. У снежні 1938 года атрымаў пасведчанне лётчыка-аматара і меў правы на кіраванне лёгкімі пасажырскімі самалётамі.

У лютым 1939 года добраахвотна паступіў на службу ў ваенную авіяцыю. 1 верасня 1939 года прыбыў на авіяцыйную базу ў Шатару, дзе 1 лістапада 1939 года яму было прысвоена званне сяржанта. Пасля паражэння Францыі ў чэрвені 1940 года быў дэмабілізаваны. Але 8 мая 1941 года быў зноў прызваны на службу ў войска. Служыў у авіяцыйных часцях на акупаванай тэрыторыі Францыі — у Сенегале і на Мадагаскары. Прыйшлося ваяваць з англічанамі і нават збіць некалькі іх самалётаў.

У баях у складзе «Нармандыя — Нёман»

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля акупацыі вострава Мадагаскар англічанамі 18 студзеня 1943 года Марыс вырашыў, што памыляўся і трэба змагацца з фашыстамі. Ён падаў заяву аб уступленні ва ўзброеныя сілы Нацыянальнага камітэта «Свабодная Францыя». Запісаўшыся добраахвотнікам, 15 мая 1943 года прыбыў у размяшчэнне эскадрыллі «Нармандыя — Нёман» у СССР. У чэрвені 1943 года ўдзельнічаў у бітве за Арол, а 19 ліпеня збіў свой першы «Юнкерс». Да кастрычніка 1943 года, усяго за тры месяцы баёў, на яго рахунку было ўжо 73 баявыя вылеты, два збітыя асабіста, чатыры збітыя ў групе і два непацверджаныя збітыя самалёты праціўніка.

13 кастрычніка 1943 года ў час паветранага бою з нямецкімі знішчальнікамі яго самалёт быў падбіты і ўпаў у раёне в. Леніна Горацкага раёна. Пры ўдары самалёта аб зямлю матор сышоў на глыбіню аж трох метраў. Цела француза было пахавана каля вёскі Сцяфанава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. Лётчыку было ўсяго 23 гады.

  • На месцы пахавання лётчыка ў в. Сцяфанава Горацкага раёна ўсталявана гранітная пліта.
  • Імя Марыса Бона напісана на мемарыяльнай дошцы, усталяванай на доме № 29 па вул. Крапоткінская г. Масквы, дзе ў час вайны знаходзілася французская ваенная місія.
  • Імем Марыса Бона 20 верасня 1953 года ў Францыі названы аэрадром у Кемперы, дзе ўзведзены помнік (гранітная стэла).
  • У Францыі быў выпушчаны латэрэйны білет з выявай Марыса Бона.
  • Кожнае 13 кастрычніка ў памяць пра Марыса Бона адбываюцца мерапрыемствы, у якіх прымаюць удзел грамадскія і ваенныя таварыствы.
  • У яго родным горадзе імя Марыса Бона носіць адна з вуліц.

Зноскі

  1. а б Maurice Yves Bon // TracesOfWar
  • Дыбов, Сергей. Подлинная история авиаполка «Нормандия-Неман» — М.: 2017.